АРХЕАЛО́ГІЯ МУЗЫ́ЧНАЯ,

галіна музычна-гістарычнай навукі, якая распрацоўвае праблемы музычнай культуры старажытнага свету на аснове археал. матэрыялаў; частка агульнай археалогіі. Сярод археал. матэрыялаў муз. інструменты (або іх фрагменты) з каменю, косці, гліны, металу, помнікі стараж. выяўл. мастацтва з муз. сюжэтамі (наскальныя малюнкі, фрэскі, каменная і гліняная скульптура). Пачынальнік археалогіі музычнай — ням. музыказнавец і этнограф К.Закс (1930—40-я г.). Наконт зместу, межаў і магчымасцяў археалогіі музычнай існуюць розныя погляды. Адны даследчыкі (Я.Браўда, Расія) абмяжоўваюць яе вывучэннем аб’ектаў муз. Матэрыяльнай культуры (муз. інструментаў), іншыя (Закс, рус. музыказнавец М.Фіндэйзен) пашыраюць яе і на даследаванні рэліктавых узораў нар. музыкі, помнікаў нотнага пісьма стараж. эпох. На Беларусі даследаванні па археалогіі музычнай вядуцца ў межах агульнай археалогіі.

Літ.:

Садоков Р. Археологические источники в изучении музыкальной культуры древнего мира // Народные музыкальные инструменты и инструментальная музыка: Сб. статей и материалов. М., 1987. Ч. 1;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 93—94, 446.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)